Фотавыстава Віктара Сянькова «Трансфармацыя»


11 ліпеня 2019 года а 18-й гадзіне ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно — філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — адбудзецца адкрыццё фотавыставы «Трансфармацыя» Віктара Сянькова.

Віктар Сянькоў вядомы ў большай ступені як фатограф-рэаліст. У новым праекце «Трансфармацыя» ён абвяргае дакладнасць прыроды фатаграфіі. Эксперыментуючы з тэхнікамі і медыумам, аўтар выяўляе асаблівую жывапісную прыроду здымка, які існуе на мяжы паміж канкрэтным і сапраўдным адлюстраваннем рэчаіснасці і беспрадметным малюнкам. «Вобраз балансуе паміж абстрактным і матэрыяльным, намёкамі, якія праяўляюцца ў сілуэтах... Формы ў стане пульсацыі, плаўныя лініі, каляровыя плямы і градыент ствараюць ілюзію руху, якая падмацоўваецца абстрактнай дынамікай зыходнага матэрыялу» – адзначае куратар Валерыя Бераст.

Аўтар праекта яднае ў адной прасторы канцэптуальную фатаграфію, відэа-арт і музыку, раскрываючы ідэю трансфармацыі вобраза ў кантэксце новых медыя, ўзмацняе іх ўздзеянне і канчаткова трансфармуе свядомасць гледача. У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі аўтара, а таксама натхнёныя яго працамі відэа-арт і музычны матэрыял. Віктар запрасіў да ўдзелу ў праекце дызайнера, фатографа, удзельніка міжнародных выстаў Маргарыту Сянькову (Італія) і вядомага музыку Antonio Bozziaka Shaven (Італія), які напісаў для выставы эксклюзіўныя трэкі ў жанры эксперыментальнага тэхна.

Віктар Сянькоў — фатограф, арганізатар і куратар выстаў. У сферу яго інтарэсаў уваходзяць арт і канцэптуальная фатаграфія, ручныя і альтэрнатыўныя метады друку. Удзельнічаў у нацыянальных і міжнародных выставах.

Куратар выставы — Валерыя Бераст, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага цэнтра сучаснага мастацтва ў Маскве, старшы выкладчык кафедры тэорыі і гісторыі культуры Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў, член Брытанскай асацыяцыі гісторыкаў мастацтва.

Абмежаванне па ўзросце: 18+

Генеральныя партнёры:

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Музей гісторыі беларускага кіно

Месца экспанавання выставы — выставачная зала Музея гісторыі беларускага кіно (Мінск, вул. Свярдлова, 4).

Час працы — штодня з 11-00 да 19-00 (каса да 18-30).

Тэлефоны для даведак: 8 017 3271075 (Музей гісторыі беларускага кіно),

+375 33 363 88 28 (Арганізатар)

Уваход па білетах: пенсіянеры — 2 руб., студэнты — 2,5 руб., дарослыя — 5 руб.