Музей гісторыі беларускага кіно

Заснаваны па ініцыятыве беларускіх кінематаграфістаў у Мінску ў 1976 годзе як ведамасны пры кінастудыі «Беларусьфільм» для збору і захавання матэрыялаў пра нацыянальны кінематограф, папулярызацыі яго дасягненняў і кінакультуры наогул. З 1982 па 1988 гг. размяшчаўся ў Рэспубліканскім Доме кіно (касцел святых Сымона і Алены) Саюза кінематаграфістаў БССР, з 1988 па 1998 гг. — зноў на кінастудыі, выконваючы ў асноўным архіўную функцыю.

Адчынены для рэгулярнага наведвання у пачатку 2002 г. у спецыяльна рэканструяваным па рашэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь трохпавярховым будынку — помніку архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя. Са студзеня 2005 г. музей стаў філіялам установы «Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь». З верасня 2014 г. — філіял ДУ «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь».

Асноўныя віды дзейнасці: збіранне, сістэматызацыя і апісанне дакументаў і матэрыялаў па гісторыі беларускага кіно і кінакультуры наогул; арганізацыя фондавых, тэматычных і персанальных выставак, якія звязаны з кінематографам, беларускім выяўленчым мастацтвам наогул; сістэматызаваны паказ айчыннай і замежнай кінакласікі.