Музей гісторыі беларускага кіно: пра нас

Музей гісторыі беларускага кіно – адзін з самых маладых у Беларусі, хоць ў яго – амаль трыццацігадовая прадгісторыя.
Заснаваны па ініцыятыве беларускіх кінематаграфістаў у Мінску ў 1976 г. (напярэдадні 50-годдзя выхаду на экран «першай нацыянальнай фільмы» «Лясная быль») як ведамасны пры кінастудыі «Беларусьфільм» для збору і захавання матэрыялаў пра нацыянальны кінематограф, папулярызацыі яго дасягненняў і кінакультуры наогул. З 1982 па 1988 гг. размяшчаўся ў Рэспубліканскім Доме кіно (касцел святых Сымона і Алены) Саюза кінематаграфістаў БССР, з 1988 па 1998 гг. – зноў на кінастудыі, выконваючы ў асноўным архіўную функцыю.

Адчынены для рэгулярнага наведвання (з экскурсийным і лекцыйным абслугоўваннем) у пачатку 2002 г. у спецыяльна рэканструяваным (1994–1998 гг.) па рашэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь трохпавярховым будынку – помніку архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя (вул. Свярдлова, 4), дзе на падставе гранта фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва за 2000 г. групай кіназнаўцаў (навуковых супрацоўнікаў аддзела кіно і тэлебачання Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі) у складзе А.В. Красінскага, Л.М. Зайцавай, І.А. Аўдзеева (цяпер – кіраўнік музея) і дызайнера Д.І. Згорскага была створана базавая экспазіцыя. Са студзеня 2005 г. («з мэтай стварэння больш спрыяльных умоў для развіцця і з улікам значнасці гэтага культурнага цэнтра для краіны») музей стаў філіялам установы «Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь» (загад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 17.08.2004 г. № 141). З верасня 2014 г. - філіял ДУ "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь".

Асноўныя віды дзейнасці: збіранне, сістэматызацыя і апісанне дакументаў і матэрыялаў па гісторыі беларускага кіно і кінакультуры наогул; арганізацыя фондавых, тэматычных і персанальных выставак, якія звязаны з кінематографам, беларускім выяўленчым мастацтвам наогул; сістэматызаваны паказ айчыннай і замежнай кінакласікі.
Да пачатку 2009 г. у экспазіцыі, фондах і навуковай апрацоўке музея знаходзілася каля 16 тыс. адзінак захавання, на падставе якіх сфарміраваны наступныя музейныя калекцыі: выяўленчы фонд (эскізы мастакоў кіно), фонд анімацыі, фотатэка, фонд плакатаў і афіш, прадметны фонд (кінатэхніка, касцюмы, рэквізіт, макеты і памятныя знакі), навуковая бібліятэка (сцэнарыі, мантажныя лісты, даведачная літаратура і рэдкія кнігі па кіно).
У фондасховішчы музея ўваход дазволены толькі спецыялістам.

Для наведвальнікаў адчынены:
на 1-м паверсе – кіназала на 50 месцаў і відэазала на 10 месцаў, дзе ў сістэматызаваным парадку (у асноўным у форме тэматычных і персанальных рэтраспектыў) з верасня па чэрвень (а па індывідуальных заяўках пастаянна) дэманструецца айчынная і замежная кінакласіка: музейная кіна(відэа)тэка налічвае ўжо больш за дзве тысячы помнікаў кінакультуры. (Адметная спецыфіка музея, галоўным экспанатам якога па вызначэнню з’яўляецца фільм як культурная і гістарычная каштоўнасць, прадугледжвае спалучэнне прадметнай экспазіцыі з экранай);

на 2-м паверсе – экспазіцыйная зала (140 м2), дзе размешчана пастаянная экспазіцыя «Кінаспадчына Беларусі: здабыткі розных эпох», якая змяшчае разнастайныя матэрыялы (каля 800 экспанатаў) пра творчасць кінарэжысёраў Юрыя Тарыча і Уладзіміра Корш-Сабліна (ім прысвечаны асобныя стэнды) і нашы лепшыя фільмы нацыянальнай, дзіцячай і ваеннай тэматыкі за 85-гадовую гісторыю існавання кінавытворчасці на тэрыторыі Беларусі (у тым ліку і тыя, што ў 2004 г. ўнесены ЮНЕСКА ў спіс рэпрэзэнтатыўных твораў сусветнай кінематаграфіі). Раздзелы экспазіцыі «Заснавальнікі беларускага кіно» і «Залаты фонд беларускага кіно» арганічна дапаўняюць тэматычныя выстаўкі, што знаёмяць з сутнасцю канкрэтных кінематаграфічных прафесій, гісторыяй стварэння этапных для беларускага кіно фільмаў усіх відаў і жанраў, творчасцю асобных кінамайстроў;

на 3-м паверсе – выставачная зала (100 м2), дзе ладзяцца ўсемагчымыя персанальныя і калектыўныя мастацкія выставы.