”БЕЛАРУСКІ КІНЕМАТОГРАФ 20-х – 30-х гг. ХХ стагоддзя Ў КІНАПЛАКАЦЕ”


Выстава – вынік шматгадовай пошукавай працы супрацоўнікаў Музея гісторыі беларускага кіно, якія паступова ліквідуюць “белыя плямы” мінулага нашага кінематографа і, у прыватнасці, ўзнаўляюць калекцыю кінаплакатаў – адзін з самых важных (прынамсі ў мінулым) і эфектных элементаў кінапрацэса. На жаль, на тэрыторыі Беларусі не захавалася ні аднаго кінаплаката да нашых фільмаў 20-х – 30-х гг. і вельмі многіх узораў 40-х – 60-х гг. ХХ стагоддзя. Што датычыцца выставы, то яна адбылася выключна дзякуючы знаходкам у архівах Расіі (Масвы і Санкт-Пецярбурга).
Яе экспазіцыя складаецца з 30 поўнафарматных і поўнакаляровых рэпрынтаў кінаплакатаў да беларускіх фільмаў 1926 – 1940 гг. (як нямых, так і гукавых). Першае, што звяртае на сябе ўвагу, – гэта тры абсалютна ўнікальныя узоры на беларускай мове (да фільмаў “Кастусь Каліноўскі”, “Песня вясны” і “Джэнтльмен і певень”), якія былі выпушчаны ў другой палове 20-х гг. даволі вялікімі (з улікам маштабаў кінасеткі Беларусі тых часоў) накладамі ў друкарнях Масквы! Сярод 9 аўтараў прадстаўленых кінаплакатаў шэраг даволі вядомых майстроў жанра – М. Хомаў, М. Длугач, М. Літвак, М. Векслер, Б. Залескі і нават прадстаўнік знакамітай дынастыі мастакоў шведскага паходжання Ул. Стэнберг.

Выстава працуе: аўторак, чацвер, субота - з 10-00 да 17.00; серада, пятніца - з 10-00 да 18-30.
Нядзеля, панядзелак - выходны.

99