Выстава «Неасармацкі партрэт». Мінск


Выстава арганізаваная рыцарскім клубам «Жалезны воўк» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» і ініцыятывы «Studfarmat». Творчы кіраўнік выставы — мастак Андрэй Мікалаеў. На выставе будуць прадстаўленыя творы маладых беларускіх мастакоў А. Елізарава, А. Мікалаева, Ю. Шайковай (Хінтэман), Г. Танковіча, В. Штукар, напісаных у жанры «неасармацкага партрэту».


Сармацкі партрэт уяўляе сабой форму параднага рыцарскага партрэту, уласцівую выяўленчаму мастацтву ВКЛ перыяду XV–XVIII стагоддзяў. Жанр сармацкага партрэту быў часткай агульнае ідэалогіі сарматызму, што панавала на абшарах Рэчы Паспалітай. Паводле гэтай ідэалогіі, уся шляхта была нашчадкамі плямёнаў сарматаў, што ў III ст. да н.э. — IV ст. н.э. насялялі прычарнаморскія стэпы, пазней сышлі на поўнач ды зніклі з мапы гісторыі. Сарматызм стаўся светапоглядам, культурай і ладам жыцця шляхты. Галоўным абавязкам шляхты лічылася вайсковая справа і абарона Бацькаўшчыны й Каталіцтва.

Чалавек у такіх творах паказваўся па вызначанай схеме — у парадным аддзенні, у атачэнні прадметаў, што адлюстроўвалі не толькі мадэль, яе унутраны свет, характар, але й перадавалі прыналежнасць да тое ці іншае саслоўнае групы насельніцтва, дазвалялі даведацца пра становішча асобы ў грамадстве. Сармацкі партрэт, як асобны стыль «жывапіснага натуралізму», быў арыентаваны не толькі на выяву твару чалавека. Гэты жывапісны стыль нёс у сваёй аснове і новае разуменне пейзажу і асяроддзя чалавека. Узрастала імкненне да адлюстравання матэрыяльнасці і аб'ёмнасці твараў і фігураў, хоць светлаценевая мадэліроўка заставалася яшчэ плоскаснай. У гэты час на Беларусі працавала шмат іншаземных майстроў, сюды прывозіліся творы з розных еўрапейскіх краінаў. Разам гэта стварала спрыяльную глебу для росквіту партрэтнага жанру, для фармавання яго нацыянальных рысаў. У выніку сярод тыповых рысаў сармацкага партрэту можна знайсці і элементы Рэнэсансу і маньерызму, а таксама, у пазнейшы час, і барока. Буйнымі цэнтрам партрэтнага жывапісу ў ВКЛ былі Вільня, Нясвіж, Супрасль, Слуцк.

Да ліку найбольш выдатных помнікаў адносіцца партрэт Юрыя Радзівіла. Асоба ў ім паказаная ў поўны рост у атачэнні шматлікіх дэталяў. Дзякуючы ім, а таксама надпісу можна даведацца пра партрэтаванага, пра месца гэтай асобы ў тагачасным грамадстве. Тыпова «сармацкім» ёсць і партрэт Яна Сабескага, выкананы вядомым беларускім гравёрам Аляксандрам Тарасевічам з Глуску. Ён паказвае караля ў рыцарскіх даспехах, з гербамі абедзвюх частак дзяржавы і панегірыкам пераможцу.

У самым канцы XX ст. адбылося адраджэнне жанру сармацкага партрэту ў выніку праекту рыцарскага клубу «Жалезны воўк» і беларускіх мастакоў А. Елізарава, В. Івашкевіча, А. Мікалаева, Ю. Шайковай (Хінтэманн). Гэтых людзей аб'яднала цікавасць да сваёй гісторыі і прага да новага мастацтва. Ім было нецікава маляваць лапці ды сярмягі — яны хацелі іншага. У выяўленчым мастацтве кожнай краіны ёсць свае гістарычныя героі — і толькі ў беларускім мастацтве іх не было, ці, дакладней кажучы, іх штучна знішчылі ды забылі. Іх трэба было адрадзіць. І такое адрадженне адбылося. Гэта быў свайго роду бунт творчай моладзі супраць афіцыёзу і стэрэатыпу беларуса-лапатніка.

Сармацкі партрэт не толькі адрадзіўся на глебе старых традыцыяў, але і атрымаў далейшае развіццё ў розных стылях сучаснага жывапісу. Так, адбылася эвалюцыя «сарматызму» ў «неасарматызм». Маладыя мастакі творча развілі стары жанр мастацтва. Простае капіяванне рэнесансавых палотнаў рана ці позна страціла б актуальнасць, ператварыўшыся ў дзівацтвы сучасных рамантыкаў. Таму было неабходна стварыць умовы для далейшага развіцця. Захаваўшы асноўныя рысы, сармацкі партрэт пачаў адгаліноўвацца і ўваходзіть ў іншыя стылі жывапісу. З'явіліся сюжэтныя палотны, пачаўся адыход ад рэалістычнай манеры выканання. Як прыклад — прысвечаная 100-годдзю кубізму серыя палотнаў ў стылі аналітычнага кубізму. Пазней былі эксперыментальныя, абстрактныя і супрэматычныя партрэты. У той жа час працягваў развівацца рэалістычны партрэт.

 

Источник — http://afisha.open.by/exhibition/5245

281